Год малой родины

Маналог шчаслівай вёскі

05 Декабря 2019 4725 0

лето в деревне.jpg

Ледзь толькі світае, я расплюшчваю свае павекі, сонна пацягваюся, пазяхаю і з цікавасцю азіраюся наўкола. Кучаравыя аблокі-падарожнікі ветліва вітаюцца, і я не застаюся ў даўгу: мае вусны таксама кранае празрыстая ўсмешка. Якія ж яны хуткія, спрытныя, гэтыя задзірыстыя вандроўнікі ўсясвету! Праводжу іх задумлівым позіркам, а думкі не пакідае ўчэпістае «калісьці…». Калісьці і я была такой гарэзаю і больш за ўсё на свеце любіла лавіць маланкі і любавацца вясёлкамі. Толькі зараз у маім узросце дзе ж за імі паспееш! Мне 426 гадоў. І на працягу ўсяго гэтага часу ў маіх грудзях пульсуе сэрца, а памяць вядзе падлік таго, што было, што ёсць і што яшчэ будзе.

Сонца свеціць для ўсіх, і пакуль мы адчуваем яго цяпло на сваёй скуры – лагодныя мацярынскія абдымкі – жыццё працягваецца. І мой век будзе доўжыцца да таго часу, пакуль у сэрцах маіх жыхароў жыць будзе маё імя – Сакалова. Не памятаю хто мяне так назваў, бо 426 гадоў таму я была дзіцём.

Але вечная ўдзячнасць у мяне да таго чалавека застаецца. Я рознакаляровая. Золатакляновая – увосень, бялюткая – узімку, смарагдава-зялёная – увесну, ураджайная – улетку. Некалькі дзён таму яшчэ квітнелі малочным цветам сады і гучаў салют Перамогі. Пад шэрым абеліскам вечным сном паснулі тыя, хто ратаваў мяне. Калі рыжае пякучае вогнішча пачало разрастацца па мне, як хвароба, я з жахам заплюшчыла вочы і ўзмалілася: няхай той скупы глыток паветра, які я паспела ўхапіць, не стане ў маім жыцці апошнім, няхай нябёсы злітуюцца і выратуюць маіх жыхароў. І мяне пачулі. Мае мужныя сыны і дочкі… Яны засланілі мяне сабою ад ворага і не дазволілі сцерці з твару зямлі.

Перад вачыма і зараз паўстаюць ускалмачаныя брудныя аблокі, ахопленыя варожым дымам, крыкі бездапаможных дзяцей, свіст куль у паветры… Сэрца сутаргава калоціцца ў грудзях, я ўсхліпваю і ў поце прачынаюся. А досвіткам спяшаюся ў Свята-Іаана-Прадцечанскую царкву каб памаліцца за сваіх герояў, якія не дачакаліся Перамогі, а цаною ўласнага жыцця падаравалі яе нам.

Я паўсюль. У сэрцы кожнага з маіх дзяцей. Як трапеча яно, як радуецца, калі яны вяртаюцца з чужыны на родную зямлю, калі працуюць і крочаць па жыцці побач са мною: у школе і дзіцячым садку, краме, сельсавеце, пошце, калгасе. Не забываюся я і пра тых, хто ўладкаваўся ў горадзе альбо іншай вёсцы. Я ганаруся іх поспехамі, і радасць мяне перапаўняе, калі яны – няхай і зрэдку – наведваюцца да мяне. Дарослыя дзеці прыязджаюць праведаць сваіх старых бацькоў, дапамагчы ім па гаспадарцы.

Ірвуцца да мяне мае землякі на Радаўніцу, каб ушанаваць памяць продкаў.

Я шчаслівая вёска.

Клапатлівых вырасціла дзяцей. Яны не цураюцца працы, таму мае палі ніколі не пустуюць. Сведкам таму – чырвонашчокае лета.

У жыце красуюць васількі, цвіце бульба, агуркі, кмен. Дзеці ласуюцца салодкімі клубніцамі, а ў чарнічных лясах кіпіць жвавы рух заробшчыкаў грошай. Суседскія хлопцы, як звычайна, ловяць матылёў, не звяртаючы ўвагі на бабуліны скаргі. А цяпер у маіх садах спеюць яблыкі. Восень шчэдрыцца яблычнай гасціннасцю – салодкай, церпкаватай, наліўной.

Коцяцца…

Коцяцца яб-

                   лы-

                         кі…

Запытаецеся,

дзе яны саладзейшыя:

У Вене, у Кракаве альбо ў Празе?

Адказам будзе: у вёсцы той,

Дзе іх дзіцячаю парой

збіралі ў садзе…

Не забывайцеся пра свае карані! Я ведаю, што я не адна такая вёска ў свеце: без дарагіх рэстаранаў і шматпавярховак, без гандлёвых цэнтраў і іншых забаўляльных будынкаў. Я – невялікая, сціплая, бясшумная – не патрабую ад сваіх жыхароў звыш таго, што магу даць ім сама. Таму, пэўна, яны выбіраюць вялікія гарады. Няхай будзе так. Але адзінае, аб чым я прашу: не забывайцеся на маё імя. І нават, калі здарыцца так, што вам будзе сорамна прамовіць яго ўслых, калі вас запытаюцца адкуль вы – прамоўце яго пра сябе.

Для мяне гэта вельмі важна, бо пакуль вы будзеце памятаць пра мяне, я буду жыць.

Алёна ПАПКО.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599